contrast1.jpgcontrast2.jpg

Аб праекце

Праект “Шляхецкі баль” распачаты ў 2007 годзе віцебскім клубам культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа”.

Праект прысвечаны вывучэнню і папулярызацыі культуры шляхты Беларусі эпохі Сярэднявечча і 19 стагоддзя.

Беларусь доўгі час лічылася краінай выключна сялянскай культуры. Пры гэтым ігнараваўся не менш цікавы і важны ў гістарычным плане пласт шляхецкай культуры, пра які амаль нічога невядома. Менавіта ў шляхецкім асяроддзі ўзнікла і набыла развіццё бальная культура. Некалькі стагоддзяў назад баль, як свецкае мерапрыемства, выконваў свае функцыі і меў свае, адпаведныя часу, задачы. Ён даваў магчымасць арганізоўваць і падтрымліваць зносіны паміж прадстаўнікамі дваранства ці на Беларусі – шляхты. Можна з упэўненасцю сказаць, што ў сучасным грамадстве амаль цалкам страчана культура танца. Між іншым, танец – гэта не проста ўменне прыгожа рухацца. Гэта выхаванне. Выхаванне музыкай, рухамі, традыцыямі, гісторыяй. Танец – гэта тая нітачка, якая звязвае ў адно цэлае мінулае, сучаснасць і будучыню. Ён збліжае людзей і разам з тым робіць іх непаўторнымі, адметнымі, індывідуальнымі.

Сёння баль праз танцавальную культуру і культуру этыкету павінен адкрыць шлях да разумення сябе, свайго сацыяльнага асяроддзя, шлях да духоўнасці.

У межах праекта аднаўляюцца аўтэнтычныя шляхецкія дасугавыя мерапрыемствы часоў Сярэднявечча і 19 ст.: балі і танцавальныя вечары, шляхецкія салоны і ампірныя пікнікі. ККГР “Паўночная вежа” праводзіць заняткі па вывучэнні танцаў эпохі Сярэднявечча і 19 стагоддзя, асветніцкія вечарыны і іншыя імпрэзы.

Дзякуючы праекту “Шляхецкі баль”, упершыню на тэрыторыі сучаснай Беларусі стаў праводзіцца бальны сезон. Ён зазвычай распачынаецца ўвосень балем, працягваецца ўзімку танцавальна-гульнявым вечарам “Касіны”  або калядным шляхецкім салонам. Напрыканцы зімы адбываецца маскарадны танцавальны вечар “Рэдуты”. Нягледзячы на тое, што ўвесну праходзіць ўрачыстае закрыццё сезона вялікім балем у шляхецкім палацы, летам удзельнікі праекта яшчэ бавяць час на ампірным пікніку.

 

“Шляхецкі баль” – азірніцеся ў XIX стагоддзе!

Joomla templates by a4joomla